14 верасня ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя шостага выпуску альманаха «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная». Новы альманах выйшаў у свет у год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і з'яўляецца своеасаблівай панарамай сённяшняга літаратурнага жыцця Віцебшчыны. Укладальнік альманаха – старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамара Краснова-Гусачэнка.
Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамара Краснова-Гусачэнка
Ва ўтульнай зале Віцебскай абласной бібліятэкі сабраліся паэты і празаікі, драматургі і публіцысты, пачынаючыя аўтары і сталыя творцы, чытачы бібліятэкі, прыхільнікі прыгожага слова і добрай літаратуры. Словы віншавання са значнай падзеяй культурнага жыцця Віцебшчыны прагучалі ў выступленнях дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяны Адамян, начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзя Ягорава, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Наталлі Шыянок, кіраўніка Віцебскага маладзёжнага хора Віталя Рауза.
Тамара Краснова-Гусачэнка расказала прысутным пра працу над альманахам, пра структуру і асаблівасці выдання. Асобная падзяка была выказана фатографу Юрыю Шэпелеву за фотаздымкі, аддадзеныя ім для афармлення выдання. У шостым выпуску «Дзвіны...» надрукаваны творы аўтараў з Беларусі, Расіі, Латвіі, людзей розных пакаленняў. Некаторыя з пісьменнікаў за час падрыхтоўкі альманаха пайшлі з жыцця. Нагадаўшы прысутным гэтыя імёны, Тамара Іванаўна прачытала верш Ганны Рамнёвай.
Сказалі слова пра новую «Дзвіну...» і прачыталі свае вершы віцебскія творцы: загадчык секцыі паэзіі Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Мікалай Намеснікаў, паэтэсы Вольга Русілка, Алена Крыклівец, Алена Фядзяева, Ірына Радзіхоўская, Галіна Каралёва, паэт Леанід Мацюхін, празаік, публіцыст Андрэй Герашчанка. Прывітальнае віншаванне даслала Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі Маіна Бабарыка.
На прэзентацыю альманаха прыехалі аўтары з Полацка: старшыня Полацкага народнага літаратурнага аб'яднання «Наддзвінне», паэт Мікалай Балдоўскі, рэдактар альманаха «Наддзвінне», паэтэса Галіна Загурская, паэт Пётр Буганаў; з Лепеля – Святлана Якубоўская, з Оршы – Канстанцін Нілаў.
Упершыню ў альманах уключаны творы юных паэтаў-пераможцаў літаратурных конкурсаў. Навучэнцы гімназіі № 3 г. Віцебска імя А. С. Пушкіна Алег Шалха і Аляксандра Суслава прачыталі свае вершы.
Вечарыну аздобілі выступленні трыа выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў № 1 г. Віцебска і ўзорнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля «Перапёлачка» гімназіі № 3 г. Віцебска імя А. С. Пушкіна.
Цудоўным падарункам усім прысутным сталі песні на словы Тамары Красновай-Гусачэнка «Скажи мне хоть слово» і «Беларусь мая» ў выкананні салісткі Віцебскай абласной філармоніі Аксаны Новікавай.
Падчас вечарыны ўвазе прысутных былі прадстаўлены электронная прэзентацыя пра пісьменнікаў-аўтараў альманаха і кніжная выстава «Віцебшчына літаратурная», падрыхтаваныя супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.
Комментарии
Комментариев пока нет